Гарадзенскія калядоўшчыкі накалядавалі трох чалавек
2009-01-13
13 студзеня - апошні дзень калядаванняў. Калі яшчэ у пачатку ХХ стагоддзя Калядаванне ўспрымалася толькі як свята і як правіла не выходзіла за межы беларускай вёскі, сёння гэтае свята рыхтуецца энтузіястамі, ці проста актыўнымі асобамі, якія імкнуцца такім чынам стварыць свята сабе і гораду ў якім яны жывуць. Сёння беларускія каляды - гэта праява сацыяльнай актыўнасці маладых беларусаў.
Беларусы багатыя тым, што ў нашым распараджэнні час калядаў расцягваецца з 25-га практычна да 13-га студзеня. У гэтым годдзе, ужо традыцыйна для Горадні на каталіцкія 26-га снежня і на праваслаўныя 7-га студзеня святы былі зладжаны Калядаванні. Калядоўшчыкі збіраюцца апошні раз прайсці па кватэрах гарадзенцаў 13-га студзеня. Адметнасцю гэтага года быў значны ўхіл калядоўшчыкаў на калядаванне па прыватных хатах і кватэрах гарадзенцаў, што не ўваходзяць у кола палітычна актыўных, нацыянальна свядомых ці проста беларускамоўных.  Традыцыя Гарадзенскіх беларускіх калядаў у межах новага беларускага горада была адноўлена ў сярэдзіне 80-х гадоў сябрамі легендарнай сёння, дарэчы сярод нацыянальных культурна-асветніцкіх суполак, адзінай зарэгістраванай у органах улады Гродзенскі гісторыка-культурны клуб “Паходня”. Па словах Міколы Таранды, бяссменнага кіраўніка “Паходні”, у восемдзесятсёмым годдзе на праваслаўныя Коляды адбыліся першыя калядаванні. У наступныя гады 88-ы і 89-ы, калядаваць хадзілі ўжо і на каталіцкія і на праваслаўныя святы. Паколькі я сам прымаў удзел у тых калядаваннях, якія былі першымі ў маім жыцці, добра памятаю як развучвалі песні і як выпраўляліся па людзях. Аніякіх касцюмаў мы ня мелі, а адзінае што нас вылучала – гэта зробленая з каляровага картона васьміканцовая зорка.
У асноўным наведвалі сябраў “Паходні” ці знаёмых калядоўшчыкаў. Добра запомнілася адна сям’я, зусім незнаёмых нам людзей. Да іх мы завіталі, здаецца на другі дзень калядаванняў і трапілі проста за стол. У той вечар нашае калядаванне, а гэта здаецца была толькі трэцяя хата так і скончылася ў гаспадароў, якія вельмі хацелі паслухаць беларускія песні. І пасля небагатага, у тыя часы, арсеналу калядных песняў, мы заспявалі ўсё што ў тыя часы ведалі, пачынаючы ад “Зоркі Венеры" Багдановіча да "Магутны Божа" і "У гушчарах затканых імглою”. Больш нікуды мы не былі здольныя ісці.
 Памятаю як добра нас прымала Данута Янаўна Бічэль-Загнетава і як прахалодна сустрэў Карпюк. Пазней я даведаўся, што ён не любіў розных пасядзелак і выпівак, верагодна і калядоўшчыкаў ён успрымаў, як людзей ласых да выпіўкі.
У пазнейшы час ў 90-я гады традыцыя беларускіх калядаванняў пачала паступова распаўсюджвацца і пераймалася асобамі якія так ці іначай былі звязаныя з жыццём “Паходні”. У першую чаргу варта адзначыць Гарадзенскі хор “Бацькаўшчына” пад кіраўніцтвам Веры Васільеўны Кунцэвіч і групу моладзі вучняў са Сш №27 з турыстычнага гуртка палацу Піянераў, якую і сёння вядзе былы пахаднянец Ігар Лапеха, які быў удзельнікам разам з намі першых арганізаваных беларускіх калядаванняў. Яшчэ адной вядомай мне групай беларускіх калядоўшчыкаў з’яўлялася група Яўгена Канстантынавіча Петрашэвіча з дзіцячым гуртом “Дударыкі”.
У 2003 годдзе сябры Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання маладых навукоўцаў “ВІТ” калядавалі па кватэрах Гарадзенцаў.
Паступова разам з атрыманнем незалежнасці, калядкі пачалі ладзіць асобы ніяк не звязаныя з беларускім нацыянальным рухам. У калядкі актыўна ўключыліся настаўнікі разам са школьнікамі, як напрыклад, Кузнецкая Галіна Пятроўна з вучнямі 3 класа СШ № 27, якая ладзіць святы па школе і па палацу Творчасці дзяцей і моладзі. Галіна Пятроўна і сёлета арганізоўвала калядкі са сваімі выхаванцамі.
Недзе ў годзе 95-м да мяне ў кватэру прыйшлі калядаваць студэнты гістфаку гродзенскага дзяржуніверсітэту, крыху нападпітку, без зоркі і з дзіцячымі савецкімі маскамі мядзведзікаў, ваўкоў ды зайцаў. Але ўсе гэтыя прыклады сведчаць пра тое. Што традыцыя ўстаялася і паступова пачала множыцца і караніцца. Акрамя беларускіх калядаванняў у Горадні ёсць калядаванні касцельныя. Але яны носяць больш характар рэлігійны, нават , можна сказаць касцельна-прыходзкі, і ўжываюцца як спосаб збору сродкаў на карысць асобных парафій. Але ёсць і прыемныя для беларусаў выключэнні, напрыклад, Кася Крот і айцец Андрэй з дзеткамі з нядзельнай школкі Гарадзенскай грэкакаталіцкай грамады робяць каледаваннідаванні сярод сваіх прыхажанаў і па выпадковых кватэрах.
Сёлетняе свята вызначаецца новымі людзьмі, і колькасцю кватэраў і хатаў, якія былі пройдзеныя калядоўшчыкамі. У адрозненні ад калядаванняў 80-х, сёння калядоўшчыкі збіраюць даволі прыстойны мех прадуктаў.
Ня гледзячы на мароз і завею, атрымалася за вечар абысці больш за дзесяць адрасоў у адным з раёнаў Горадні, які носіць назву "Новы свет" і па адрасах знаёмых беларусаў.
 На праваслаўнае калядаванне, у адрозненні ад каталіцкага, дзе было дзве меньшыя групы, была адна вялікая група калядоўшчыкаў у дзевяць чалавек.  Гэта часам замінала падчас таго як заходзілі ў кватэры…  Як заўжды найбольш даводзілася пыхцець і скакаць казе. Такі ўжо ў яе лёс на гэтым свяце…  У той час, калі калядоўшчыкі стаялі і толькі весяліліся. Смяяліся з працуючай казы.  Гэта канешне жарт. Працавалі выдатна ўсе калядоўшчыкі. Якія спевы! Якія галасы! Прыемна ўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія робяцца не для таго каб быць праведзенымі, але для таго каб стварыць свята. У такіх мерапрыемствах выкладваюцца ўсе ўдзельнікі. Ну а “асноўная” “праца” казы заключаецца ў тым каб ПАДАЦЬ. .jpg) І ўсе падаць, і не паднімацца. А пасля таго як ўпала, ляжаць і патрабаваць як мага больш для сябе і для калядоўшчыкаў. Такі своеасаблівы “выкуп” за тое што прыйшлі. І не паддаваца на ўгаворванні гаспадароў.  А ўставаць толькі калі бачыш, што больш не атрымаеш…  Найбольш уражваюць простыя людзі, якія яшчэ памятаюць традыцыю калядавання. Сваім шчырым стаўленнем да калядавання, да спявання калядных традыцыйных і рэлігійных песняў, стаўленнем да самога дзейства як да неад’емнай часткі святкаванняў. Праўда большая частка нашых гаспадароў буквальна разумее святкаванне як спосаб падпаіць Казу і калядоўшчыкаў. Таму і Каза і калядоўшчыкі павінны быць трывалымі і непахіснымі… І ўмець адмаўляцца ад пачастункаў. Хоць трэба прызнацца часта гэта зрабіць не толькі цяжка, але і не магчыма. У такіх выпадках, трэба хучэй уцякаць ад гаспадароў.  Што можа лепш сведчыць пра калядаванне? Канешне колькасць накалядаванага. У гэтым годдзе, на праваслаўныя каледаванне назбіралі не толькі поўны мех ежы і пітва, але прыдбалі трох новых удзельнікаў. У выніку Калядавання да групы калядоўшчыкаў далучылася тры новыя чалавекі, двое з якіх ніколі да гэтага не ўдзельнічалі ў Калядаваннях. Працягвалі каляды за бяседным сталом ужо адзінаццаць чалавек, а не дзевяць... Ігар Кузьмініч Здымкі Ян Лялевіч
Вярнуцца »
|